МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,

галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр. мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл. мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял. амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял. Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.​Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.​Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.​Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.​Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.​Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.​Клімава, «Сведка» В.​Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.​Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.​Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел. дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.​Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.​Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.​Арлова паводле рамана С.​Жаромскага, 1999).

В.​Ф.​Нячай.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)